:

38-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС і Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе

26.04.2024 г.

26 красавіка 1986 г. увесь свет узрушыла страшная трагедыя: выбух на Чарнобыльскай АЭС у паўночнай частцы Украіны (тады – частка СССР). Гэтая аварыя стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. У выніку выбуху ў атмасферу былі выкінуты вялікія аб'ёмы радыеактыўных рэчываў, якія затым распаўсюдзіліся па заходняй частцы СССР і частцы Еўропы. Радыеактыўнае забруджванне назаўжды змяніла жыццё мільёнаў людзей, наступствы гэтай катастрофы адчувальныя да сённяшняга часу.

Для Беларусі катастрофа на Чарнобыльскай АЭС мае асаблівае значэнне. Ад наступстваў аварыі пацярпела значная частка тэрыторыі, што прывяло да перасялення і парушэння нармальнага ўкладу жыцця сотняў тысяч беларусаў.

Пачынаючы з 1990 года ў Беларусі рэалізаваны пяць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На выкананне мерапрыемстваў было накіравана ў эквіваленце 19,3 млрд. долараў ЗША з дзяржаўнага бюджэту краіны.

Чарнобыльская катастрофа выклікала ў многіх замежных краінах хвалю салідарнасці і гатоўнасці аказаць падтрымку пацярпелым рэгіёнам Рэспублікі Беларусь. Сотні чарнобыльскіх ініцыятыў ад розных дзяржаў свету ўнеслі істотны ўклад у пераадоленне наступстваў аварыі, у тым ліку праз накіраванне гуманітарных грузаў і аздараўленне беларускіх дзяцей. Супрацоўніцтва ў гэтай сферы працягваецца.

Беларусь удзячная міжнародным партнёрам, якія не засталіся абыякавымі да пакутаў людзей на забруджаных беларускіх тэрыторыях і аказалі пасільную дапамогу.

Сімвалічным з'яўляецца абвяшчэнне Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый падчас семдзесят першай сесіі пры падтрымцы 60 дзяржаў – членаў Арганізацыі 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе.

У Беларусі праведзена вялікая работа, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Важна, што дзяржава пераходзіць ад ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС да ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў. Шостай Дзяржаўнай праграмай па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021-2025 гады прадугледжана выкананне пяці задач:

- забеспячэнне сацыяльнай абароны, аказанне медыцынскай дапамогі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне пацярпелага насельніцтва;

- забеспячэнне радыяцыйнай абароны і адраснага прымянення ахоўных мер;

- садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпелых рэгіёнаў;

- удасканаленне арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей, якія пражываюць ці навучаюцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання;

- правядзенне навуковых даследаванняў і інфармацыйнай працы.

Пераадоленне доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай аварыі патрабуе маштабных нацыянальных намаганняў і фарміравання новых партнёрстваў для заахвочвання ўстойлівага развіцця, прыцягнення інавацый і інвестыцый.

Беларусь разлічвае на далейшую падтрымку з боку ўстаноў і краін – членаў ААН, а таксама прыватных інвестараў у вырашэнні дзяржаўных задач па забеспячэнні ўстойлівага развіцця пацярпелых тэрыторый і людзей, якія іх засяляюць.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці